Карэспандэнт “Петрыкаўскіх навін” наведала палеткі ААТ “Агра-Ляскавічы”, дзе ў самым разгары адказная пара – нарыхтоўка траў на зіму.
Гэты працэс мае ключавое значэнне для забеспячэння жывёлы паўнавартасным харчаваннем на працягу халоднага перыяду, і сёлета гаспадарка паставіла задачу максімальна эфектыўна запоўніць сіласныя ямы зялёнай масай.
–Травы ў гэтым годзе добрыя. Густы зялёны лямец, які лажыцца за камбайнам – гэта вынік не толькі спрыяльнага надвор’я, але і стараннай працы работнікаў гаспадаркі, – адзначае 35-гадовы камбайнер Аляксандр Дрыга (на фота). – Прыемна бачыць плён сваёй працы, ведаючы, што гэта пойдзе на карысць гаспадарцы, адпаведна і рэгіёну.
Аляксандр – механізатр з 10-гадовым стажам і сапраўдны майстар сваёй справы. Яго ўпэўненасць за рулём магутнай машыны сведчыць пра разуменне працэсу.
– Пры скошванні траў неабходна ўмець правільна наладзіць камбайн для розных культур і ўмоў надвор’я. Але галоўнае – выконваць неабходна ўсё згодна тэхналогіям, адказна. Калі ты любіш сваю працу, якую некалі выбраў, тады яна прыносіць задавальненне, – дзеліцца мужчына.
Аляксандр прызнаецца, што працаваць ў полі – сапраўднае задавальненне. Гаспадаркай усё зроблена для таго, каб механізатары маглі засяродзіцца на сваёй справе. Прывозяць абед, ваду.
Наш герой – чалавек, які ведае цану працы. Яго прафесія механізатара патрабуе фізічнай сілы і вынослівасці. На сваёй прафесійнай ніве Аляксандр Дрыга дасягнуў значных поспехаў. Аднак, працоўныя дасягненні – гэта толькі адзін бок жыцця мужчыны. Сапраўднае шчасце ён знаходзіць у сваёй сям’і. Аляксандр з’яўляецца бацькам траіх дзяцей, і гэта – яго галоўны скарб. Варта адзначыць, што сям’я пабудавала ўласны дом дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы для шматдзетных сем’яў і шчасліва пражывае ў жывапісных Ляскавічах.
Вось такія цудоўныя землякі, адданыя сваёй справе і сваёй малай радзіме, працуюць і жывуць побач з намі. Іх штодзённая праца – гэта ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі і забеспячэнне дабрабыту нашай малой радзімы.
І калі бачыш такія шчырыя ўсмешкі на тварах нашых аграрыяў як ў Аляксандра Дрыга, можаш быць упэўненым: “Каравай-2026” на Петрыкаўшчыне будзе багатым.
Источник: petrikov.by
Смотреть все
Управление делами Президента Республики Беларусь