Турыстычны аддзел Нацыянальнага парку «Нарачанскі»
запрашае на займальныя экскурсіі
па месцах, якія з'яўляюцца гонарам Мядзелшчыны. Вы пазнаёміцеся з гісторыяй краю, яго былой веліччу і славай, а таксама з днём сённяшнім. Унікальныя архітэктурныя помнікі дапамогуць Вам дакрануцца да вытокаў нашай самабытнасці, а сцены старажытных храмаў і манастыроў прыадчыняць для Вас старонкі сваіх каменных летапісаў. Вы адкрыеце для сябе непаўторнае хараство прыроды Беларускага Паазер'я. Нашы турысцка-экскурсійныя маршруты падораць Вам радасць адкрыццяў, цікавыя сустрэчы і ўзрушальныя ўражанні.
|
1. Аўтобусная аглядная экскурсія «Па Нарачанскім краі», працягласць маршруту 75 км. Пачынаецца маршрут з цэнтра к.п. Нарач і пралягае па кальцавой дарозе, праз велізарны масіў хваёвага лесу, г. Мядзел, па маляўнічым паўночным узбярэжжы азёр Мястра і Нарач, дзе шаша праходзіць блізка беражка вады. Турысты знаёмяцца з прыроднымі адметнасцямі краю, з гістарычным мінулым, з курортнай зонай. |
|
2. Экскурсія экалагічнай сцежкай прыроднага комплексу «Блакітныя азёры». «Вандраванне ў прыроду» гэта знаёмства з адным з найцікавых і адметных куткоў прыроды беларускага Паазер'я. Экскурсія аўтобусна-пешаходная, працягласць — 4 гадзіны. Адлегласць ад к.п. Нарач да прыроднага комплексу «Блакітныя азёры» — 40 км. Пешаходная частка экскурсіі ўяўляе сабою праходжанне маршруту працягласцю 3 км па маляўнічай перасечанай мясцовасці. Экскурсанты знаёмяцца з некалькімі ляснымі азёрамі з вялікай групы вадаёмаў, якім дадзена пяшчотная і цёплая назва «Блакітныя азёры». |
|
3. Пешаходная экскурсія «Перліна Беларусі», працягласцю па часе 2 гадзіны і даўжынёю 3 км знаёміць экскурсантаў з курортнай зонай, здраўніцамі, якія размясціліся на ўзбярэжжы возера Нарач. |
|
4. «Архітэктурная спадчына Нарачанскага краю» — аўтобусная архітэктурна-горадабудаўнічая экскурсія па Мядзелшчыне, багатай помнікамі архітэктуры, якія з'яўляюцца неадымнай часткай культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі. Турысты пазнаёмяцца з некалькімі, галоўным чынам культавымі, добра захаванымі і рэстаўраванымі аб'ектамі, што адносяцца да розных стыляў і эпох. |
|
5. «Край азёрны» — аўтобусная аглядная шматпланавая экскурсія. Даўжыня маршруту — 60 км, працягласць па часе — 3 гадзіны. На экскурсіі вы зможаце пазнаёміцца з Нарачанскім краем, горадам Мядзел, наведаць музей, убачыць цікавыя архітэктурныя і гістарычныя аб'екты. |
|
6. «Беларуская святыня» (касцёл у в. Будслаў) — вандраванне ў Будслаў пакіне пасля сябе незабыўнае ўражанне. Вы ўбачыце самы вялікі каталіцкі храм у Беларусі, які з'яўляецца Нацыянальным Санктуарыем і мае тытул «базіліка малая». У вас будзе магчымасць убачыць цудадзейны абраз Боскай Маткі, да якой штогод здзяйсняюцца паломніцтвы з усіх куткоў нашай рэспублікі і замежжа. 4 гадзіны экскурсіі праляцяць неўпрыкмет, пакінуўшы яркае ўражанне. |
|
7. «Вандроўка ў Мосар» — турысты знаёмяцца з храмам і ўнікальным паркавым комплексам у невялікай вёсцы Мосар (Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). Даўжыня маршруту — 110 км, працягласць па часе — 7 гадзін. |
|
8. «Полацкая Сафія» — турысты знаёмяцца з Полацкам, найстаражытным горадам Беларусі і Усходняй Еўропы, яго гісторыка-культурнай спадчынай, наведваюць Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны запаведнік (у запаведнік уваходзіць 8 музеяў), Сафійскі сабор — Верхні замак, маляўнічую галерэю, Цэнтр нацыянальных культур і рамёстваў. Працягласць падарожжа 10-12 гадзін. |
|
9. «Мінск — тэатральны» (з наведваннем «Лініі Сталіна») — для турыстаў прапануецца аглядная экскурсія па горадзе Мінску, вольны час для самастойнага агляду і шпацыру па горадзе, потым турысты наведваюць адзін з тэатраў. Працягласць падарожжа 10-12 гадзін. |
|
10.«Па запаведных месцах Беларусі» — дзіўны куток Беларусі, тысячагоддзямі прырода стварала гэтыя дзіўныя месцы, а працяглы рэжым аховы вызначыў багацце запаведнай флоры і фаўны. Галоўнай гістарычнай выбітнасцю запаведніка з'яўляецца Бярэзінская водная сістэма, пабудаваная ў 1797-1805 гг. на месцы даўнейшага шляху «з вараг у грэкі». Працягласць падарожжа — 8 гадзін. |
|
11. «Мемарыяльны комплекс «Хатынь» — ушаноўвае памяць усіх загінулых у агні Вялікай Айчыннай вайны на зямлі Беларусі і расказвае пра трагедыю спаленых і не адноўленых вёсак, аб сістэме канцлагераў, што існавалі ў гады акупацыі і пра трагедыю вёскі Хатынь, якая адбылася 22 сакавіка 1943 года. Галіны сімвалічных «дрэў жыцця» адлюстроўваюць назвы адроджаных з нябыту і попелу вёсак. У памяць пра ўсіх загінулых гарыць Вечны агонь. Працягласць падарожжа — 8 гадзін. |
|
12. «Замкі Беларусі» — турысты знаёмяцца з Мірскім замкам, наведваюць фарны касцёл, а таксама палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы. У гэтых унікальных гістарычных і архітэктурных аб'ектах увасоблена гісторыя ўсёй нашай Радзімы. Працягласць — 10 гадзін. |
|
13.«Вандроўка ў г. Брэст» — для турыстаў прапануецца аглядная экскурсія па горадзе, наведванне Брэсцкай крэпасці, а таксама падарожжа ў Белавежскую пушчу, дзе турысты пазнаёмяцца з экспанатамі музея прыроды, наведаюць вальеры, а таксама пабываюць у «Рэзідэнцыі Дзеда Мароза». Працягласць падарожжа 2 дні. |
|
14. «У Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» — турыстам прапануецца вандраванне ў край, што здаўна заваяваў славу аднаго з найпрыгожых прыродных куткоў Беларусі. Адлегласць да адміністрацыйнага цэнтра Браслаўшчыны — горада Браслава пераадольваецца неўпрыкмет, бо па дарозе турысты знаёмяцца з цікавымі гістарычнымі і архітэктурнымі аб'ектамі ў Паставах, Відзах і Опсе. Працягласць падарожжа — 8 гадзін. |
|
15. «Гродна» (з наведваннем аквапарку «Азёрны») — займальнае вандраванне ў адзін з найстаражытных гарадоў Беларусі — Гродна, якому амаль 900 гадоў. Наведаўшы аглядную экскурсію, вы пазнаёміцеся з гісторыяй горада, убачыце помнікі архітэктуры: наведаеце замкавую гару і замчышча Х-ХІ стагоддзяў, Каложскую царкву ХІІ стагоддзя, Гарадзенскі фарны касцёл, закладзены ў 1494 г., езуіцкі касцёл, велічны палац апошняга караля Рэчы паспалітай С. Панятоўскага. Працягласць падарожжа — 10 гадзін. |
|
16. «Па былых мястэчках азёрнага краю» (Лучай — Паставы — Камаі). Маршрут экскурсіі праходзіць такім чынам, што турысты знаёмяцца з цікавымі гістарычнымі і архітэктурнымі аб'ектамі ў невялікай вёсцы Лучай — двухвежавы храм у стылі позняга барока, у Паставах — палац Тызенгаўзаў, забудова цэнтральнага пляца ХVIII ст., праваслаўная царква і касцёл Св. Антонія. У в. Камаі турысты ўбачаць храм Іяана Хрышчэнніка, збудаваны на мяжы XVI-XVII стагоддзяў у стылі абароннай готыкі. Працягласць маршруту 160 км. Працягласць па часе 5 гадзін. |
|
17. «Крэва, Борны, Гальшаны». Працягласць маршруту 270 км. Працягласць па часе 8 гадзін. Мы прапануем наведаць край, дзе, што ні крок, вы сустрэнеце сляды гісторыі. Яна тут у кожным камені, у курганах, храмах, руінах замкаў. Апынуўшыся ў Крэўскім ці Гальшанскім замках, касцёле Св. Пятра і Паўла (в. Борны) падаецца, быццам трапіў у іншае стагоддзе, у мінулае. |
|
18. «Сляды гісторыі краю» (Нарач — Лучай). У невялікай вёсцы Лучай узвышаецца двухвежавы храм, закладзены ў 1766 годзе Эльжбетай Агінскай у стылі позняга барока з элементамі класіцызму. Менавіта лучайскі храм і з'яўляецца на сённяшні дзень перлінай гэтага кутка Паазер'я, пазнаёміцца з якім будзе цікава многім. У час наведвання Лучая турыстам прапануецца непрацяглы прыпынак у вальераў з жывёламі. Тут можна ўбачыць трусоў, коз, аленяў і страўсаў. Працягласць маршруту 130 км. Працягласць па часе 4 гадзіны. |
вул. К.Маркса, 38
220016, г.Мінск
Тэл./факс:
+375 (17) 222-35-56
E-mail: udp@udp.gov.by
Рэжым работы:
Пн-Пт з 9.00 да 18.00