Музей гісторыі слуцкіх паясоў складаецца з некалькіх зон. У першай —
«Пласты гісторыі» можна ўбачыць прадстаўнікоў розных сусветных цывілізацый у пэўныя перыяды гісторыі. На працягу ўсёй гісторыі пояс быў абавязковай часткай касцюма ва ўсіх народаў свету. Яго знешні выгляд, стылістыка і функцыі мяняліся на працягу стагоддзяў.

Лічыцца, што мода на доўгія, шырокія, шаўковыя ўзорыстыя-тканыя паясы прыйшла на беларускія землі дзякуючы ідэалогіі сарматызма, у аснове якой ляжалі генеалагічныя паданні аб паходжанні арыстакратыі Рэчы Паспалітай ад старажытных ваяўнічых плямёнаў сарматаў. Пад уздзеяннем легенд, шырока распаўсюджаных у дзяржаве ў XVI-XVIII стст., прадстаўнікі вярхоўнага саслоўя краіны імкнуліся ва ўсім быць падобнымі на «слаўных продкаў».
У
зоне «Слуцкі пояс» прадстаўлены арыгінал і копія слуцкага пояса.

У XVIII-XIX стст. паясы вырабляліся з шоўка, залатых і срэбных нітак. Адзін выраб мог утрымліваць ад 65 да 200 грам каштоўнага металу.
У слуцкага пояса не было левага боку, ўсе бакі з'яўляліся правымі. Паясы вырабляліся аднабаковымі (са зваротным бокам), двухбаковымі (абодва бакі правыя або адзін двухбаковы з адным левым). Найбольш каштоўнымі лічыліся чатырохбаковыя слуцкія паясы — кожны бок пояса быў падзелены на дзве часткі з рознымі кветкамі, пояс складваўся ўдвая. Пры ўдзеле ў святах пояс павязвалі вонкі залатой, чырвонай часткай; пры жалобе выкарыстоўваўся чорны бок пояса; пры штодзённай носцы, як правіла, зялёная, шэрая.
Слуцкія паясы сталі выбітнай мастацкай з'явай не толькі беларускага, але і заходнееўрапейскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XVIII-XIX стст. Гэта вынік тысячагадовага развіцця на тэрыторыі Беларусі ручных ткацкіх тэхналогій і мастацкага таленту яе жыхароў. Слуцкія паясы — гэта ўклад беларускага народа ў сусветную культуру.
У
зоне «Фрагмент палаца Радзівілаў» можна ўбачыць, як жылі прадстаўнікі славутага роду.

Будучы прадстаўнікамі адной з самых старадаўніх шляхетных польска-літоўскіх сем’яў, Радзівілы знаходзіліся ў сваяцтве з многімі уплывовымі родамі, у тым ліку з каралеўскімі дамамі Еўропы. Нясвіжскія Радзівілы былі фантастычна багатыя. Палацавыя залы ўпрыгожвала раскошная мэбля, персідскія дываны, карціны знакамітых мастакоў, бясцэнныя калекцыі прадметаў мастацтва, крышталя, зброі, манет і медалёў. Некаторыя залы былі цалкам аздобленыя мармурам, алебастрам або золатам.
Зона «Мануфактура» дае ўяўленне аб стане вытворчасці XVIII-XIX стст. Комплекс будынкаў слуцкай мануфактуры займаў вялікую плошчу — 2,4 гектара. Агульная колькасць работнікаў даходзіла да 60 чалавек. На персіярні выраблялася 200 паясоў у год.

Неўзабаве пасля далучэння Беларусі да Расіі паясы выходзяць з моды. Леон Маджарскі спыніў арэнду мануфактуры ў 1807 г. Былая «персіярня» скараціла выраб паясоў і пашырыла выпуск парчовых узорных і залатных тканін, галоўным чынам, для патрэб цэркваў і касцёлаў. Гэты перыяд знайшоў адлюстраванне ў
«Сакральнай зоне».

«Народная зона» знаёміць наведвальнікаў з побытам звычайных людзей.

Пояс у традыцыйнай культуры беларусаў з'яўляўся значным і выключна шматфункцыянальным прадметам. Ён быў неабходным кампанентам адзення, выконваў разнастайныя сімвалічныя і абрадавыя функцыі, а таксама выкарыстоўваўся ў побыце ў розных мэтах.
У традыцыйным беларускім касцюме, які ў цэлым адрозніваўся стрыманасцю і лаканічнасцю дэкору, поясу надавалася вельмі вялікае значэнне. Ён выконваў адразу некалькі функцый: практычную, сімвалічную, магічную, апатрапейную (ахоўную), этычную, знакавую, эстэтычную.
Першы паясок ў падарунак дзіцяці прыносіла бабка-павітуха, якая прымала роды. Такі пояс выступаў у ролі абярэга.
Пояс з'яўляўся важным атрыбутам вясельнага абраду. Нявеста дарыла паясы жаніху і свату на запоінах, што азначала згоду на шлюб; пояс клалі на ручнік, на якім стаялі маладыя падчас вянчання; маці жаніха сустракала маладых з пірагом і поясам. Пояс прысутнічаў і ў пахавальным абрадзе: у гэтым выпадку яго роля заключалася ва ўсталяванні сімвалічнай сувязі паміж светам людзей і замагільным светам.
Паясы, якія ўжываліся ў народным касцюме на тэрыторыі Беларусі, у асноўным былі самаробнымі —
тканымі или
плеценымі. Яны адрозніваліся вялікай разнастайнасцю: для кожнага рэгіёну, а часам і невялікага арэала, былі характэрныя свае непаўторныя спосабы дэкору.
У цяперашні час ўзорыстыя паясы, выкананыя ў традыцыйных тэхніках пляцення і ткацтва, шырока выкарыстоўваюцца ў сцэнічным і цырыманіяльным касцюме. Іх вырабам працягваюць займацца народныя майстры, прадпрыемствы мастацкіх промыслаў, аматары традыцыйнай культуры. Пояс з'яўляецца адным з самых папулярных сучасных беларускіх сувеніраў.
У музеі можна ўбачыць станок нямецкай фірмы Mageba, зроблены па адмысловай замове і які не мае аналагаў у свеце. Складаецца ён з 2 частак: ткацкі станок і жакардавая машына. Кіруецца станок двума кампутарамі. У яго склад уваходзіць 7 асноў, 1200 нітак, 6 чаўнакоў, што забяспечвае унікальныя магчымасці.
